Жах. Боль. Спачуваньне. Смутак. Адчай. Гнеў... Цэлы шэраг эмоцый зьмяняе адна адну кожны дзень. Гэта не павінна было пачацца. Гэта трэба спыніць як мага хутчэй. Але ня коштам свабоды. І гэта бачна па ўсім тым, хто мужна абараняе сваю краіну. Яны не адступяць, і чым хутчэй увесь астатні сьвет гэта зразумее й дапаможа - тым меньш будзе сьмярцей і пакут.
Гэта. Трэба. Спыніць. Адкінуць агрэсара на былыя рубяжы, паказаць яму, што ніхто ня мае права катаваць людзей і навязваць ім сваю волю. Што чалавечнасьць, правы й свабоды незалежнай дзяржавы - гэта не пусты гук! Гэта выпрабаваньне для ўсяго сьвету, і ад таго, як ён яго пройдзе - залежыць будучыня чалавецтва.
Людажэрскім рэжымам павінны давацца адпор! Больш ня можа быць тых, хто "па-за палітыкай". Таму што ці чалавек сам бярэ адказнасьць за сваю краіну й яе лёс, ці ён становіцца вінцікам у машыне забойства й гвалту. І хто б што не казаў, але без падобных "вінцікаў" нават самы грамадны механізм з цягам часу пачне збаіць і ў рэшце рэшт спыніцца.
Кожны з нас робіць свой выбар кожную хвіліну жыцьця. І тое, што даступна кожнаму - гэта не маўчаць, ці як меньш дык не выступаць у падтрымку таго жаху, што адбываецца зараз. Таму што адказнасьць ляжыць на кожным з нас. І кожнаму з нас трымаць адказ: калі не перад судом людскім, то перад сваім сумленьнем дакладна.
Давайце паспрабуем у гэты час застацца людзьмі. Падтрымаць тых, каму зараз невыносна. Дапамагчы тым, хто згубіў дом, блізкіх, сябраў. Зрабіць усё, што ў нашых моцах, каб настаў мір на шматпакутнай зямлі, каб украінцы адстаялі сваю свабоду. І каб падобнае ніколі больш не паўтарылася. Жыве! Слава!
Малюнкі https://www.instagram.com/0lga.art/